Шатляндзкая мова (германская)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Шатля́ндзкая мова германскай галіны (саманазва: (Braid) Scots, Lallans) — група дыялектаў, якія належаць да германскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, якія распаўсюджаныя пераважна ў раўніннай частцы Шатляндыі і некаторых частках рэгіёну Ольстэр, што на поўначы востраву Ірляндыя. У ангельскай літаратуры шатляндзкую германскую мову могуць таксама пазначаць тэрмінам раўні́нная шатля́ндзкая (анг. Lowland Scots), што робіцца ў мэтах адрозьненьня гэтай мовы ад гэльскай шатляндзкай — мовы, якая належыць да кельцкае галіны, і распаўсюджанай на гарыстым паўночным захадзе Шатляндыі. Апрача таго, шатляндзкія германскія дыялекты Ірляндыі могуць згадвацца пад тэрмінам ольстэрска-шатляндзкая (анг. Ulster Scots)[2].
- Ня варта блытаць з аднайменнай мовай Шатляндыі кельцкай галіны.
Шатляндзкая мова | |
(Braid) Scots, Lallans | |
Ужываецца ў | Вялікабрытаніі, Ірляндыі |
---|---|
Рэгіён | Шатляндыя: Лаўлэнд, Шэтландзкія і Аркнэйскія астравы, Кэйтнэс, востраў Аран, Кэмпбэлтаўн; Паўночная Ірляндыя: графствы Даўн, Анрым, Лондандэры; Ірляндыя: графства Данэгол |
Колькасьць карыстальнікаў | |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | — |
Дапаможная мова ў | ў Вялікабрытаніі (Шатляндыя, Паўночная Ірляндыя) |
Рэгулюецца | паўурадавымі праграмамі па падтрымцы й рэгуляваньні ў Шатляндыі і Паўночнай Ірляндыі |
Статус: | 5 Разьвіваецца[d][1] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2(Б) | sco |
ISO 639-2(Т) | sco |
ISO 639-3 | sco |
Значнай часткай дасьледаваньняў мова можа разглядацца ў сыстэме дыялекталёгіі ангельскай мовы. З прычыны таго, што ў лінгвістыцы на цяперашні час не існуе дакладна выяўленых крытэраў адрозьненьня моваў ад дыялектаў, лінгвісты, а таксама зацікаўленыя бакі часта разыходзяцца ў меркаваньнях наконт лінгвістычнага, гістарычнага й сацыяльнага статусу шатляндзкай германскай мовы[3]. У лінгвістыцы існуе шэраг парадыгмаў для адрозьненьня мовы і дыялекту, але яны часта адлюстроўваюць супярэчлівыя вынікі. У шырэйшым сэнсе шатляндзкая германская зьяўляецца часткай дыялектнага кантынуўму, іншай часткай якога зьяўляецца шатляндзкі варыянт ангельскай мовы[4]. Сыходзячы з падобных меркаваньняў, шатляндзкая германская можа лічыцца адным са старажытных варыянтаў ангельскай мовы, які мае ўласную дыялектную сыстэму[3]. У якасьці альтэрнатыўнага пункту гледжаньня шатляндзкая германская можа лічыцца асобнай мовай у складзе германскай галіны, у падтрымку чаго прыводзіцца прыклад лінгвістычнага статусу нарвэскай мовы адносна дацкай[3].
У 2010 годзе ўрадам Шатляндыі было праведзенае дасьледаваньне пад агульнай назвай «стаўленьне грамадзтва да шатляндзкай мовы». У выніку дасьледаваньня стала вядомым, што 64% рэспандэнтаў з выбаркі ў 1000 дарослых асобаў з насельніцтва Шатляндыі аддалі перавагу варыянту адказу «не лічу шатляндзкую ў якасьці асобнай мовы». Гэтым жа дасьледаваньнем было выяўлена, што большасьць носьбітаў шатляндзкай менш за ўсё схільныя не прызнаваць шатляндзкую як асобную мову (58%); асобы, якія не размаўляюць па-шатляндзку, схільныя да гэтага часьцей (72%)[5].
Паводле зьвестак перапісу насельніцтва ў Шатляндыі 2011 году, прыблізна 1,54 млн чал. здольныя размаўляць па-шатляндзку[6], што агулам склала прыкладна ⅓ ад насельніцтва Шатляндыі. Лінгвістычны партал Ethnologue дае інфармацыю пра колькасьць носьбітаў, згодна зь якой носьбітаў у Вялікабрытаніі налічваецца прыкладна 90 тыс чал.[7], пры гэтым прыкладна 1,5 млн чал. размаўляюць на мове як на другой[7].