Чэмпіянат сьвету па футболе
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэмпіянат сьвету па футболе (таксама вядомы як Кубак сьвету па футболе, Чэмпіянат сьвету ФІФА, афіцыйны назоў Кубак сьвету ФІФА) — найважнейшае міжнароднае футбольнае спаборніцтва. За правядзеньне чэмпіянату сьвету адказвае кіроўны орган сусьветнага футболу ФІФА, і ўдзельнічаць у ім могуць мужчынскія й жаночыя футбольныя нацыянальныя зборныя ўсіх краін-чальцоў ФІФА.
Фінальныя турніры чэмпіянатаў сьвету праводзяцца раз на чатыры гады, аднак разам з рэгіянальнымі адборачнымі турнірамі чэмпіянат сьвету працягваецца 3 гады. У адборачных спаборніцтвах чэмпіянату сьвету 2014 году ўдзельнічалі 203 каманды. У фінальным турніры, які праходзіць раз на 4 гады на працягу 4 тыдняў у загадзя абранай краіне-гаспадары чэмпіянату, прымаюць удзел 32 каманды (31 пераможца адборачнага турніру і зборная краіны-гаспадара; да 2002 году яшчэ і пераможца папярэдняга розыгрышу чэмпіянату сьвету таксама ўдзельнічаў у фінальным турніры па-за адборачнымі спаборніцтвамі).
Фіналы чэмпіянату сьвету па футболе, якія праводзяцца з 1930 году, зь перапынкам у 1942 і 1946 гадах з-за Другой сусьветнай вайны, маюць вялікую глядацкую аўдыторыю і прыцягваюць увагу ва ўсім спартовым сьвеце, часам пераўзыходзячы па колькасьці гледачоў Алімпійскія гульні.
За ўсю гісторыю чэмпіянатаў сьвету восем краін атрымлівалі званьні чэмпіёнаў. Найбольшая колькасьць тытулаў на ліку Бразыліі — пяць разоў. Італія і Нямеччына — па чатыры разы; Аргентына — па тры разоў; Францыя й Уругвай станавіліся чэмпіёнамі па два разы, і па адным разе пераможцамі чэмпіянату станавіліся Ангельшчына ды Гішпанія.