Чарлі Чаплін
брытанскі актор, рэжысэр, сцэнарыст (1889–1977) / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ча́рлз Спэ́нсэр Ча́плін (па-ангельску: Charles Spencer Chaplin; 16 красавіка 1889 — 25 сьнежня 1977) — выбітны ангельскі кінаактор, сцэнарыст, кампазытар і рэжысэр, унівэрсальны майстар кінэматографу, стваральнік аднаго з самых знакамітых вобразаў сусьветнага кіно — вобраза валацужкі Чарлі, які зьявіўся ў кароткамэтражных камэдыях, пастаўленых на паток у 1910-я гады на кінастудыі Кістоўна[3]. Чаплін актыўна выкарыстоўваў прыёмы мімікі і буфанады, хоць пачынаючы з 1920 году ў яго творчасьці сталі праходзіць значна больш сур’ёзныя сацыяльныя тэмы, чым гэта было ў раньнім пэрыядзе кароткамэтражнага кіно. Пачынаючы з красавіка 1914 году Чаплін стаў выступаць у якасьці рэжысэра і аўтара сцэнару большасьці фільмаў з уласным удзелам, з 1916 году ён таксама прадусаваў фільмы, а з 1918 — пісаў музыку.
Разам з Мэры Пікфард, Дугласам Фэрбэнксам і Дэйвідам Грыфітам Чарлз Чаплін заснаваў знакамітую кінастудыю United Artists у 1919 годзе[4].
Ляўрэат прэміі Амэрыканскай Кінаакадэміі 1973 і двойчы ўладальнік пазаконкурснага ганаровага Оскара 1929 і 1972. Ганаровую прэмію Оскар 1972 году Чаплін атрымаў з наступнай фармулёўкай заслугі артыста — за неацэнны ўнёсак у тое, што ў гэтым стагодзьдзі кінэматограф стаў мастацтвам[5]. Малодшы брат актора Сыдні Чапліна.
Чаплін быў адным з самых крэатыўных і ўплывовых людзей у эпоху нямога кіно. На творчасьць Чапліна вялікі ўплыў аказаў францускі комік Макс Ліндэр, якому ён прысьвяціў адзін са сваіх фільмаў[6]. Яго кар’ера пачалася яшчэ ў віктарыянскую эпоху, калі маленькі Чарлі ўпершыню выйшаў на сцэну Music Hall у Вялікабрытаніі і, расьцягнуўшыся на 75 гадоў, працягвалася практычна да самой сьмерці артыста ва ўзросьце 88 гадоў. Пасьля аглушальнага посьпеху ў Галівудзе, Чаплін быў вымушаны пакінуць ЗША пад націскам гучных скандалаў, выкрыцьцяў падрабязнасьцей яго асабістага жыцьця і абвінавачваньняў у спачуваньні камунізму ў эпоху макартызму напачатку 1950-х гг.
У 1999 годзе Амэрыканскі інстытут кінамастацтва паставіў Чарлі Чапліна на 10-е месца ў сьпісе 100 найвялікшых зор кіно за 100 гадоў пасярод мужчынаў. У 2008 годзе Мартын Сыф у рэцэнзіі на кнігу Чаплін: жыцьцё напісаў : «Чаплін быў ня проста вялікім чалавекам, ён быў гігантам. У 1915 годзе ён уварваўся ў сьвет быццам прывід са сваім дарам камэдыі, сьмеху і дапамогі, у той час, калі ўсё разрывалася на часткі ў Першай сусьветнай вайне, і цягам наступных 25 гадоў — і падчас Вялікай дэпрэсіі, і падчас узвышэньня Адольфа Гітлера, — ён працягваў ствараць… Наўрадці які-небудзь іншы чалавек калі-небудзь здолее прынесьці болей радасьці, задавальненьні і палёгкі у той момант, калі ў іх так маюць патрэбу большасьць людзей». Джордж Бэрнард Шоў назваў Чапліна «адзіным геніем, які выйшаў з кінаіндустрыі».