Філіп II (кароль Гішпаніі)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Філіп II (па-гішпанску: Felipe II de España; па-партугальску: Filipe I; 21 траўня 1527 — 13 верасьня 1598) — з 1556 году і да сваёй сьмерці быў каралём Гішпаніі і Нэапалю. З 1556 і да 1581 году ён таксама быў Гаспадаром Сямнаццаці Правінцыяў (асобна кожнай з правінцыяў, якія складалі Нідэрлянды, у якасьці герцага альбо графа). У 1554—1558 гадах ён быў каралём-консартам у Ангельшчыне як муж Марыі I, якая ўвайшла ў старонкі ангельскай гісторыі пад мянушкай крывавай за свой ваяўнічы каталіцызм. У 1580 годзе па сьмерці свайго дзядзькі, пасьля непрацяглай барацьбы, Філіп становіцца Філіпам I, каралём Партугаліі, такім чынам далучыўшы Партугалію, зь яе заморскай імпэрыяй ды моцным ваенна-марскім флётам, да ўладаньняў гаспадароў Гішпаніі. З 1554 да 1556 году Філіп меў тытул караля Чылі.
Філіп II | |
кароль Гішпаніі | |
---|---|
Філіп ІІ, кароль Гішпаніі | |
1556 — 13 верасьня 1598 | |
Папярэднік | Карл V |
Наступнік | Філіп III |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 21 траўня 1527, |
Памёр | 13 верасьня 1598 (71 год), |
Жонка | Марыя I |
Узнагароды | |
Подпіс |
Філіп стаў адной з самых супярэчлівых постацяў гішпанскай і эўрапейскай гісторыі з-за сваёй неадназначнай ролі ў каталіцкай рэакцыі на рух рэлігійнай рэфармацыі ў Эўропе, канфлікце з Атаманскай Портай і Ангельшчынай і стварэньня атмасфэры рэлігійнай нецярплівасьці ў самой Гішпаніі, якая прывяла да выгнаньня марыскаў з Гранады, што прывяло да эканамічнага заняпаду поўдня краіны.
Неадназначна і роля Філіпа ў будучым заняпадзе гішпанскай эканомікі. Калі Філіп стаў каралём, па адрачэньні свайго бацькі Карла V у 1556 годзе ён атрымаў 36 мільёнаў дукатаў доўгу і штогадовы дэфіцыт у 1 мільён дукатаў. Нягледзячы на гэта Філіп праводзіў вельмі актыўную замежную палітыку і ўдзельнічаў у шматлікіх узброенных канфліктах свайго часу, што некалькі разоў руйнавала фінансы краіны, якая мусіла абвяшчаць банкруцтва каралеўскага скарбу, упершыню зрабіўшы гэта ў 1557 годзе. Філіп быў вялікім прыхільнікам аўцаводзтва, што прывяло да занядбаньня вырошчваньня збожжавых культураў. Ужо ў 1560-я гг. Гішпанія вымушаная была імпартаваць збожжа і іншыя прадукты харчаваньня. Падаткаабкладаньне абыходзіла шляхецтва і, у асноўным, прыпадала на тыя групы грамадзтва, якія былі занятыя ў гандлі альбо вытворчасьці. Нягледзячы на гэта трэба дадаць, што шляхецтва рабіла плацяжы на карысьць Царквы, якая ў сваю чаргу рабіла плацяжы ў каралеўскі скарб, што было ўзгоднена з Папам Рымскім, і рабілася рэгулярна.
Прыток каштоўных мэталаў з амэрыканскіх калёніяў, расходы караля на войны і рост колькасьці насельніцтва у сукупнасьці з інфляцыйнымі працэсамі, якія адбываліся па ўсёй Эўропе ў XVI стагодзьдзі, справакавалі пяцікратнае падвышэньне коштаў у Гішпаніі. З прычыны інфляцыі і вялікага падатковага ціску вытворчасьць краіны прыйшла ў занядбаньне, і землі Філіпа ўсё болей і болей залежылі ад імпарту прадуктаў вытворчасьці зь іншых краінаў і прытоку золата і срэбра з Амэрыкі. Вузкая падатковая база Кастыліі і Нідэрляндаў не прадастаўлялі дастатковых даходаў, якія б далі магчымасьць Філіпу фінансаваць свае вайсковыя выправы. З гэтай прычыны ён мусіў рабіць займы ў банкіраў Генуі ды Аўгсбурга. У выніку на прыканцы яго караляваньня 40% каралеўскіх даходаў ішлі на выплаты працэнтаў па займам.