Узаемныя заручыны абодвух народаў
From Wikipedia, the free encyclopedia
Узаемныя заручыны абодвух народаў (па-польску: Zaręczenie Wzajemne Obojga Narodów) — дадатковыя інструкцыі да Канстытуцыі 3 траўня, ухваленыя Чатырохгадовым соймам 20 кастрычніка 1791. Прызначаліся для тлумачэньня несфармуляваных у Канстытуцыі ўмоваў польска-літоўскай уніі.
Заручыны фіксавалі адзінства і непадзельнасьць Кароны Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ў адзінай дзяржаве, адгэтуль называнай Рэч Паспалітая Польская. Дакумэнт падкрэсьліваў фэдэратыўны характар дзяржавы і гарантаваў роўнасьць абодвух бакоў у кіраваньні ёй[1].
Заручыны прадугледжвалі стварэньне агульнага ўраду, войска і скарбу. Літвінам быў гарантаваны прапарцыйны ўдзел у новых органах цэнтральнай улады РП. Вайсковая і Скарбовая камісіі абодвух народаў павінны былі складацца з роўнай колькасьці прадстаўнікоў Кароны і Літвы, а ў Камісіі паліцыі адносіны мелі быць 2/3 і 1/3 адпаведна. Забясьпечвалася ратацыя польскіх і літоўскіх прадстаўнікоў на пасадах старшынь камісіяў.
Дакумэнт атрымаў такі самы статус, як і акт Люблінскай уніі. Было вырашана, што «Заручыны» стануць неад’емлемай часткай pacta conventa, і будуць абавязковыя для выкананьня Станіслава Аўгуста Панятоўскага і кожнага наступнага манарха Рэчы Паспалітай.