Турфан
From Wikipedia, the free encyclopedia
Турфа́н (Турпа́н, па-кітайску: 吐魯番, па-ўйгурску: تۇرپان شەھىرى) — горад ва ўсходняй частцы Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну Кітаю. Плошча 69 324 км², насельніцтва каля 570 000 чалавек (2004). У старажытныя часы і ў эпоху Сярэднявечча праз Турфан пралягала паўночная галіна Вялікага Шаўковага шляху. Ад часоў дынастыі Заходняя Хань (206 да н. э. — 8 год н. э.), Турфан становіцца значным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Заходняга Кітаю. Сучасныя Турфан і Кашгар — адзіныя зь вялікіх гарадоў Сіньцьзяну, у якіх яшчэ захаваліся адметныя рысы традыцыйнай уйгурскай культуры.
Як сьведчаць кітайскія летапісныя крыніцы, першымі вядомымі жыхарамі Турфанскай катлавіны былі сагдыйцы — старажытны ўсходне-іранскі этнас. Сагдыйцы добра ведалі тэхніку кярызнага абвадненьня, а таму пасьпяхова валодалі майстэрствам ажыўленьня пустынь. Кітайцы ж праніклі ў Турфан толькі ў II ст. да н. э., сустрэўшы там нешматлікі самастойны этнас, які атрымаў назву чэшы[1].
Горад славіцца сваім сусьветнавядомым салодкім белым турфанскім вінаградам бяз костак, а таксама сакавітымі хамійскімі дынямі.