Трагедыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Траге́дыя (стар.-грэц. τρᾰγῳδία — «казьліная песьня») — заснаваная на глыбокіх супярэчнасьцях драма, якая разьвіваецца ў сутыкненьне моцных характараў, што вядзе да гібелі прынамсі яго станоўчых удзельнікаў, асуджаных разгортваньнем падзеяў на безвыходнасьць, пакуты і страты. Сьцьвярджальны патас найчасьцей увасабляецца ў вобразе асобы зь незвычайна высакароднымі памкненьнямі. У асноўным прысьвячаецца адзіноце, адказнасьці, пакараньню за злачынства, сэнсу жыцьця і высакароднаму ўчынку. Галоўныя дзейныя асобы — выключныя і высакародныя.
Зарадзілася ў Старажытнай Грэцыі з культу Дыяніса. Вылучэньню з рэлігійнага відовішча садзейнічаў рост значэньня карыфэя (начальніка) хору сатыраў, што прывяло да строгага чаргаваньня песьняў з выразным апавяданьнем пра пакуты і прыгоды героя. Росквіту дасягнула ў V стагодзьдзі да н. э. (Сафокл, Эсхіл і Эўрыпід). Мэтай у старажытнасьці было ачышчэньне праз пакуты і спагаду. Сынкрэтычнасьць прывяла да пазьнейшага заміраньня. На новым мастацка-выяўленчым узроўні ўзнавілася падчас Адраджэньня і барока. У сваіх творах Лёпэ дэ Вэга, Пэдра Кальдэрон, Крыстафэр Марла і Ўільям Шэксьпір стварылі шматгранныя вобразы дзейных асобаў. У межах патрабаваньняў клясыцызму (адзінства часу і месца дзеяньня) найзнакаміцейшыя творы напісалі П’ер Карнэль, Жан Расін і Фрыдрых Шылер. Ад часу стварэньня трагічных драмаў рамантыкаў (Джордж Байран, Міхаіл Лермантаў і Віктор Юго) складваюцца адрозныя ад першаснай трагедыі жанры праз рэалістычнае абагульненьне (мяшчанская і рамантычная трагедыі, гістарычная і народная драмы, мэлядрама). Пазьней пачашчаецца спалучэньне трагічнасьці з камічнасьцю (трагікамэдыя).