Томас Эдысан
амэрыканскі вынаходнік і бізнэсовец / From Wikipedia, the free encyclopedia
То́мас А́лва Э́дысан (па-ангельску: Thomas Alva Edison; 11 лютага 1847, Мілан, Агаё, ЗША — 18 кастрычніка 1931, Ўэст-Орандж, Нью-Джэрзі, ЗША) — амэрыканскі вынаходнік і бізнэсовец, дзякуючы якому чалавецтва набыла мноства прыладаў, сярод якіх фанограф і лямпа напальваньня. Ён быў першым вынаходнікам, які прымяніў прынцыпы масавай вытворчасьці ў працэсах вынаходніцтва і заснаваў першую індустрыйную дасьледчыцкую лябараторыю. Эдысан атрымаў 1093 патэнты ў ЗША і 1239 — у іншых краінах. Удасканаліў тэлеграф, тэлефон, кінакамэру, пабудаваў першыя электравозы. У 1878 годзе запатэнтаваў грамафон. Узнагароджаны Залатым мэдалём Кангрэсу ЗША (1928)[7].
Эдысан зьяўляецца чацьвёртым самым пладавітым вынаходнікам ў гісторыі (пасьля Кія Сылвэрбрука, Сюнпэя Ямадзакі ды Пола Лапстуна). Ён атрымаў больш за 1093 патэнты ЗША на сваё імя (зь іх 1084 — на карысныя мадэлі ды 9 на прамысловыя ўзоры). Большасьць гэтых патэнтаў пазьней былі зарэгістраваныя і па-за межамі ЗША. 1239 патэнтаў было атрымана ў Вялікабрытаніі, Францыі й Нямеччыне. Яму прыпісваюць шматлікія вынаходзтвы, якія спрыялі разьвіцьцю масавай інфармацыі й, у прыватнасьці, сувязі.
Ягоныя перадавыя працы ў гэтых абласьцёх былі сьледзтвам таго, што Томас пачаў кар’еру ў якасьці апэратара тэлеграфа. Эдысан ўвёў панятак і рэалізацыю электрычнай магутнасьці генэрыруючых і разьмеркавальных дамоў, прадпрыемстваў і заводаў — важнае разьвіцьцё ў сучасным індустрыяльным сьвеце. Ягоная першая электрастанцыя была пабудавана на востраве Мангэтан у Нью-Ёрку.