Роза Люксэмбург
From Wikipedia, the free encyclopedia
Роза Люксэмбу́рг (па-нямецку: Rosa Luxemburg, па-польску: Róża Luksemburg; сапраўднае імя — Разалія Люксэмбург, псэўд. Róża Kruszyńska, Maciej Rózga, Spartakus; 5 сакавіка 1871, Замасьць, Царства Польскае — 15 студзеня 1919, Бэрлін, Нямеччына) — нямецкая рэвалюцыянэрка польска-габрэйскага паходжаньня, тэарэтык марксізму, філёзафка і эканамістка. Яна была пасьлядоўна чаліцай Сацыял-дэмакратыі каралеўства Польшчы й Літвы (СДПКПіЛ), Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН), Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (НСДПН) і Камуністычнай партыі Нямеччыны (КПН).
Роза Люксэмбург | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася: |
5 сакавіка 1871 Замасьць, Царства Польскае |
Памерла: |
15 студзеня 1919 (47 гадоў) Бэрлін, Нямеччына |
Партыя: | Сацыял-дэмакратыя каралеўства Польшчы і Літвы, Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны, Незалежная сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны, Камуністычная партыя Нямеччыны |
Сужэнец: | Густаў Любэк |
Бацька: | Эліяш Люксэмбург |
Маці: | Ліна Лёвэнштайн |
Адукацыя: | Цюрыскі ўнівэрсытэт |
У 1915 годзе, пасьля таго як СДПН падтрымала ўдзел Нямецкай імпэрыі ў Першай сусьветнай вайне, яна й Карл Лібкнэхт заснавалі антываенную Спартакаўскую лігу, якая ў канчатковым выніку стала Камуністычнай партыяй Нямеччыны (КПН). Падчас Нямецкай рэвалюцыі яна заснавала газэту «Чырвоны сьцяг» (ням. Die Rote Fahne) — цэнтральны орган руху Спартака.
Яна палічыла паўстаньне спартакістаў 1919 году памылкай[1], але падтрымала яго пасьля таго, як Лібкнэхт ухваліў выступ. Калі паўстаньне было задушана з дапамогай сацыяльна-дэмакратычнага ўрада і Фрайкорпу, то бок зьвязу вэтэранаў Першай сусьветнай вайны правага кірунку, Люксэмбург, Лібкнэхт і некаторыя зь іхных прыхільнікаў былі схопленыя й забітыя. Роза была застрэленая, а ейнае цела выкінута ў Ляндвэр-канал у Бэрліне.
З-за ейнай вострай крытыкі як марксізму-ленінізму, гэтак і больш умераных сацыял-дэмакратычных школаў сацыялізму, Р. Люксэмбург некалькі неадназначна ўспрымаецца сярод навукоўцаў і тэарэтыкаў левацкага кірунку[2]. Тым ня менш, некаторыя марксісты разглядаюць Люксэмбург і Лібкнэхта, як пакутнікаў. Згодна з Фэдэральным ведамствам па ахове канстытуцыі, погляды Розы Люксэмбург і Карла Лібкнэхта працягваюць гуляць важную ролю сярод нямецкіх сацыялістаў і камуністаў[3].