Паўстаньне 1863 году на Пружаншчыне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўста́ньне 1863 го́ду на Пружа́ншчыне — вайсковыя дзеяньні паўстанцкіх аддзелаў з Царства Польскага, а пасьля таксама ўласных фармаваньняў і аддзелаў з суседніх паветаў Гарадзенскай губэрні, у склад якой уваходзіў Пружанскі павет. На той час ягоная тэрыторыя займала землі сучасных Пружанскага, часткі Бярозаўскага і Камянецкага раёнаў Берасьцейскай вобласьці, а таксама Гайнаўскага павету Падляскага ваяводзтва (Польшча).
Паўстаньне 1863 року на Пружаншчыне | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міхал Эльвіра Андрыёлі. «Паўстанцкі бой» (1895) | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Польскія і літоўскія паўстанцы | Расейская імпэрыя | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Канстанцін Каліноўскі Валеры Ўрублеўскі | Аляксандар II Міхаіл Мураўёў | ||||||||
Яшчэ да выданьня маніфэсту Літоўскага правінцыйнага камітэту вайсковыя дзеяньні на тэрыторыі павету распачалі польскія аддзелы Рамана Рагінскага, Станіслава Сангіна і Браніслава Рыльскага, якія імкнуліся такім чынам распаўсюдзіць паўстаньне далей на ўсход. Першыя ўласныя аддзелы ў Гарадзенскай губэрні пачалі стварацца ў сакавіку — красавіку 1863 року. Найбольшую актыўнасьць у Пружанскім павеце праявілі аддзелы Ўрублеўскага. Уласны аддзел сфармаваў пружанскі памешчык Фэлікс Улодак, зь якім пазьней прыняў удзел у Мілавідзкай бітве. Дзейнічалі аддзелы з суседніх Ваўкавыскага, Слонімскага, Гарадзенскага паветаў.
Касьцяк паўстаньня склала дробная шляхта і жыхары мястэчак. У Гарадзенскай губэрні адсотак сялянаў сярод удзельнікаў паўстаньня быў большым, чым ва ўсіх іншых беларускіх губэрнях. Аднак шырокае падтрымкі дабіцца не атрымалася з прычыны перавагі «белых» і антыпольскай прапаганды расейскага ўраду.
На задушэньне паўстаньня былі кінутыя вялізныя сілы. За карнымі апэрацыямі на Гарадзеншчыне асабіста сачыў віленскі генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў, які за сваю жорсткасьць у задушэньні паўстаньня атрымаў мянушку «вешальнік». У насельніцтва ладзіліся ператрусы ў мэтах пошуку паўстанцкай зброі; за дапамогу паўстанцам або падазраваных ва ўдзеле шляхцічаў высылалі з краю, а іхняя маёмасьць сэквэстравалася.
Да канца 1863 паўстаньне на Пружаншчыне было задушанае. Пасьля гэтага распачалася палітычная рэакцыя і татальная маскалізацыя, усталяваўся рэжым выключных законаў.