Паўночная Амэрыка
кантынэнт / From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўно́чная Амэ́рыка — адзін з шасьці кантынэнтаў Зямлі, знаходзіцца ў заходнім паўшар’і, паміж Ціхім і Атлянтычным акіянамі. Аддзелены ад Азіі пратокай Берынга, ад Паўднёвай Амэрыкі Панамскім каналам. Паўднёвая частка кантынэнта адносіцца да Лацінскай Амэрыкі. Плошча кантынэнту складае 24,2 млн км², а колькасьць жыхароў ёсьць роўным 493 млн чалавек, паводле зьвестак на 2001 год.
Даўжыня з поўначы на поўдзень — 7,2 тысячаў кілямэтраў, з захаду на ўсход — 6,8 тысячы кілямэтраў, даўжыня берагавой лініі — 75,5 тысячы кілямэтраў. Найвялікшыя паўвостравы: Лябрадор, Флорыда, Каліфорнія. Да Паўночнай Амэрыкі адносяць астравы: Грэнляндыя, Зямля Бафіна, Куба. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора — 677 мэтраў, найвышэйшы пункт знаходзіцца ў Кардыльерах (г. Дэналі, 6194 м), найніжэйшы пункт — ў Даліне Сьмерці (ніжэй за 86 мэтраў ад узроўню акіяну). Больш за 64% паверхні ляжыць вышэй за 300 мэтраў; уздоўж заходняга ўзьбярэжжа знаходзяцца Кардыльеры (сейсьмічна актыўныя). На ўсход ад іх цягнецца Вялікая Роўнядзь, далей на ўсход Апалачы і нізіннае ўсходняе ўзьбярэжжа. Галоўныя рэкі: Місысыпі, Місуры, Макензі, Юкон; азёры: Верхняе, Гурон, Мічыган, Вялікае Мядзьведжае, Эйры. На поўначы кантынэнта тундра, іглістыя лясы якія пераходзяць у мяшаныя і шыракаліставыя лясы, у цэнтральнай частцы кантынэнту — прэрыі, на паўднёвым захадзе — пустэльні і паўпустэльні. У Кардыльерах знаходзяцца горныя іглістыя лясы і альпійскія лугі; на ўзьбярэжжах Цэнтральнай Амэрыкі — роўнядзевыя лясы. Фаўна прадстаўленая вельмі шырока: паўночны алень, віргінскі алень, мядзьведзі (грызлі, барыбал), бізоны і г. д. У Паўночнай Амэрыцы жыве 8% чалавецтва (эўрапэоіды, нэгроіды і індзейцы), значныя абшары кантынэнта бязьлюдныя (Паўночная Канада, Грэнляндыя), найбольш населеныя Бэрмуды і паўночна-ўсходняе ўзьбярэжжа ЗША. Гарадзкое насельніцтва складае каля 75%. Найбуйнейшыя гарады Паўночнай Амэрыкі — Мэхіка (15,3 млн чал.), Нью-Ёрк (7,4 млн чал.) і Лос-Анджэлес (3,6 млн чал.).
Дзякуючы калянізацыі Амэрыкі жыхарамі Эўропы большасьць насельнікаў кантынэнту размаўляюць на эўрапейскіх мовах, як то на ангельскай, на гішпанскай або францускай, а культуры дзяржаваў звычайна маюць заходнія традыцыі.