Парадокс Фэрмі
адсутнасьць бачных сьлядоў дзейнасьці іншаплянэтных цывілізацыяў / From Wikipedia, the free encyclopedia
Парадо́кс Фэ́рмі — неадпаведнасьць паміж адсутнасьцю пераканаўчых доказаў разьвітога пазаземнага жыцьця й відавочна высокай апрыёрнай верагоднасьцю яго існаваньня[1][2]. Іншымі словамі — адсутнасьць бачных сьлядоў дзейнасьці іншаплянэтных цывілізацыяў, якія мусілі б расьсяліцца па ўсім Сусьвеце за мільярды гадоў свайго разьвіцьця.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Фэрмі (неадназначнасьць).
Парадокс быў сфармуляваны фізыкам Энрыка Фэрмі, які паставіў пад сумненьне магчымасьць адкрыцьця пазаземных цывілізацыяў, і зьвязаны са спробай адказаць на адно з важнейшых пытаньняў усіх часоў:
«Ці зьяўляецца чалавецтва адзінай тэхналягічна разьвітай цывілізацыяй Сусьвету?»
Спробай адказу на гэта пытаньне служыць раўнаньне Дрэйка, якое ацэньвае колькасьць магчымых для кантакту пазаземных цывілізацыяў. Яно дае, пры пэўных выбарах вядомых парамэтраў, даволі высокую ацэнку шансаў на такую сустрэчу. На падобныя высновы Фэрмі адказаў, што, калі ў нашай галяктыцы мусіць існаваць мноства разьвітых цывілізацыяў, тады
«Дзе яны? Чаму мы не назіраем аніякіх сьлядоў разумнага пазаземнага жыцьця, такіх, напрыклад, як зонды, касьмічныя караблі ці радыёперадачы?»
Дапушчэньні ў аснове парадоксу Фэрмі часта называюць Прынцыпам Фэрмі. Парадокс можна сфармуляваць так:
З аднаго боку, высоўваюцца шматлікія арґумэнты пра тое, што ў Сусьвеце мусіць існаваць значная колькасьць тэхналягічна разьвітых цывілізацыяў. З другога боку, няма назіраньняў, якія б гэта пацьвярджалі. Сытуацыя парадаксальная й прыводзіць да высновы, што альбо нашае разуменьне прыроды, альбо нашыя назіраньні няпоўныя й памылковыя.
Як сказаў Энрыка Фэрмі:
«Ну й дзе яны ў такім выпадку?»
Рознымі аўтарамі прапанавана вялікая колькасьць тэарэтычных рашэньняў, ці тлумачэньняў парадоксу Фэрмі. Спэктар гэтых гіпотэз вельмі шырокі: ад сьцьвярджэньня пра ўнікальнасьць Зямлі як населенай плянэты альбо немагчымасьці адрозьніць штучныя сыгналы ад натуральных і да «гіпотэзы заапарка».
Было шмат спробаў разьвязаць парадокс Фэрмі[3][4], напрыклад, меркаваньне, што разумныя пазаземныя істоты надзвычай рэдкія, што тэрмін жыцьця такіх цывілізацыяў кароткі, альбо што яны існуюць, але (па розных прычынах) людзі іх ня бачаць.