Мір (арбітальная станцыя)
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Мір» (па-расейску: «Мир», «Салют-8») — савецкая (пазьней расейская) арбітальная станцыя трэцяга пакаленьня,[1] якая ўяўляла сабою складаны шматмэтавы навукова-дасьледчы комплекс. Станцыя была выведзеная на арбіту ў лютым 1986 году, 23 сакавіка 2001 году затопленая ў Ціхім акіяне.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Мір (неадназначнасьць).
Зборка станцыі на арбіце працягвалася да 1996 году. «Мір» стаў першай модульнай касьмічнай станцыяй і меў найбольшую масу сярод караблёў, пабываўшых у космасе, пакуль ня быў заменены МКС. Станцыя дзейнічала як мікрагравітацыйная дасьледчая лябараторыя, у якой чальцы каманды ажыцьцяўлялі экспэрымэнты ў галіне біялёгіі і біялёгіі чалавека, фізыцы, астраноміі, мэтэаралёгіі, а таксама далейшае ўдасканаленьне сыстэмаў і прыладаў, неабходных для сталай прысутнасьці ў космасе.
Станцыя стала першай дасьледчай лябараторыяй у космасе з доўгатэрміновай прысутнасьцю людзей на борце. Праца на станцыі ажыцьцяўлялася доўгатэрміновымі камандамі. Праграма «Мір» трымала рэкорд па бесьперарыўнай прысутнасьці чалавека ў космасе, які быў роўны 3644 дням, пакуль той ня быў пабіты 23 кастрычніка 2010 году МКС,[2] але і цяпер Валерыю Палякову належыць рэкорд па працягласьці касьмічнага палёту чалавека — 437 дзён і 18 гадзін. «Мір» быў населены ўсяго 12 з паловай гадоў зь яго 15-гадовага тэрміну службы. На борце станцыі маглі адначасова знаходзіцца тры чалавекі, на кароткі час дазвалялася прысутнасьць і большага складу.
Пасьля посьпеху праграмы «Салют» «Мір» стаў новай ступеньню ў праграме касьмічных станцыяў СССР. Першы модуль станцыі, вядомы як базавы блёк, быў выведзены на арбіту ў 1986 годзе, да якога пазьней былі далучаныя яшчэ 6 модуляў — усе выведзеныя ракетай-носьбітам «Пратон» (акрамя стыкавога модулю). Па завяршэньні мантажу станцыя складалася зь сямі модуляў з атмасфэрай і некалькіх модуляў без атмасфэры. Электраэнэргіяй станцыя жывілася ад сонечных панэляў, замацаваных на модулях. Станцыя ўтрымлівалася на арбіце(en) ад 296 да 412 км і рухалася зь сярэднай хуткасьцю 27 700км/с, тым самым зьдзяйсьняючы 15,7 віткоў вакол Зямлі ў дзень.[3][4]
Станцыя была часткай праграмы пілятаваных касьмічных палётаў СССР. Па развале СССР кіраваньне праграмай перайшло да Фэдэральнага касьмічнага агенства Расеі (РКА). З гэтага вынікае, што большасьць каманды «Міру» паходзіла з Савецкага Саюзу. Але, дзякуючы такім міжнародным праграмам, як Інтэркосмас, Эўрамір(en) і Мір — Шатл, станцыя стала даступнай для касманаўтаў з Паўночнай Амэрыкі, краін Эўропы і Японіі. Паводле ацэнкі былога генэральнага дырэктара РКА, Юрыя Копцева, кошт праграмы склаў $4,2 млрд за ўвесь час вядзеньня праграмы (распрацоўка, зборка і эксплюатацыя).[5] Станцыю абслугоўвалі касьмічныя караблі «Саюз», грузавы «Прагрэс» і караблі праграмы «Спэйс шатл». «Мір» наведалі 104 чалавека з 12 краін сьвету.[6]