Лекі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лекі (лекавыя сродкі) — фармакалягічныя сродкі (рэчывы або сумесі рэчываў), якія прайшлі клінічныя выпрабаваньні і дазволеныя да прымяненьня ў прафілактыцы, дыягностыцы і лячэньні захворваньняў ўпаўнаважанымі на тое органамі краіны ў вызначаным парадку, атрыманыя з крыві, плязмы крыві, а таксама органаў, тканак чалавека ці жывёлаў, расьлінаў, мінэралаў, мэтадам сынтэзу або з ужываньнем біятэхналёгіяў. Такім чынам, да лекавых сродкаў адносяцца рэчывы расьліннага, жывёльнага ці сынтэтычнага паходжаньня, якія валодаюць фармакалягічнай актыўнасьцю і прызначаныя для вытворчасьці і вырабу лекавых формаў. Лекі дапамагаюць аднавіць фізыялягічныя функцыі чалавека або жывёлаў, аказваючы фармакалягічнае, імуналягічнае або мэтабалічнае ўзьдзеяньне на арганізм, таго, хто прыняў лекі. Яны вырабляюцца ў вялікай колькасьці фармацэўтычнымі кампаніямі ў якасьці гатовага прадукту. Гэта гатовы прадукт можа быць выкарыстаны толькі з дазволу кампэтэнтнага органа. Акрамя таго, выдача лекаў жорстка рэгулюецца. Большасьць прэпаратаў могуць быць прададзеныя толькі ў аптэках, шмат зь іх толькі паводле прызначэньня лекара.
Фармакалёгія зьяўляецца навукай, якая вывучае ўзаемадзеяньне паміж лекавымі сродкамі і целам. Розныя працэсы цела ўцягнутыя ў паглынаньне, разьмеркаваньне, трансфармацыю і экскрэцыю лекавых сродкаў. Фармакалягічнае дзеяньне лекаў палягае на ўзаемадзеяньне з канкрэтным мэтавым органам у арганізьме, тым самым уплываючы на функцыі арганізма. Сума жаданых эфэктаў прэпарата, гэтак званая актыўнасьць, прыводзіць да палягчэньня або лячэньня захворваньня. Гэтая эфэктыўнасьць амаль заўсёды суправаджаецца пабочнымі эфэктамі, то бок лекі маюць, такім чынам, двусечны характар: балянс выгодаў і рызык зьяўляецца цэнтральнай праблемай у галіне распрацоўкі, зацьвярджэньня і выкарыстаньня лекаў. Лекі зьяўляюцца аднымі з самых важных інструмэнтаў у мэдыцыне.