Дуброўніцкая рэспубліка
горад-дзяржава на ўзьбярэжжы Адрыятычнага мора, існавала з XIV стагодзьдзя да 1808 году / From Wikipedia, the free encyclopedia
Дуброўніцкая рэспубліка (па-харвацку: Dubrovacka republika, па-лацінску: Respublica Ragusina, па-італьянску: Repubblica di Ragusa) — горад-дзяржава на ўзьбярэжжы Адрыятычнага мора, існавала з XIV стагодзьдзя да 1808 году. Сталіцай рэспублікі быў горад-порт Дуброўнік, акрамя якога тэрыторыя дзяржавы ўключала далмацінскае ўзьбярэжжа ад Нэўму да Бокі Каторскай, паўвостраў Пельешац і астравы Ластава, Млет і шэраг іншых невялікіх выспаў вакол сталіцы.
Паўстаўшы як цэнтар марскога і сухапутнага гандлю з Балканамі, Дуброўніцкая рэспубліка дасягнула піку сваёй магутнасьці ў XV—XVI стагодзьдзях, калі яна стала адным з галоўных пасярэднікаў у эканамічных стасунках Асманскай імпэрыі і эўрапейскіх дзяржаваў. Нягледзячы на тое, што пераважную большасьць насельніцтва складалі славяні, грамадзка-палітычны лад і кіравальная эліта рэспублікі знаходзіліся пад моцным італьянскім уплывам, а афіцыйнай назвай дзяржавы была на лацінскай мове Рэспубліка Рагуза. У розныя пэрыяды сваёй гісторыі Дуброўнік прызнаваў намінальны сюзэрэнітэт Вугоршчыны, Асманскай імпэрыі і Аўстрыі, аднак фактычна заставаўся незалежным. Структура кіраваньня рэспублікі забясьпечвала немагчымасьць канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, дзякуючы чаму часам Дуброўнік завуць першай у Эўропе дэмакратычнай дзяржавай. У 1806 г. тэрыторыя Дуброўніку была акупаваная войскамі Напалеона, у 1808 г. рэспубліка была скасаваная і далучаная да Францыі. У цяперашні час гэтыя землі складаюць самую паўднёвую частку Харватыі.