Гісторыя Ізраілю
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сучасны Ізраіль разьмяшчаецца прыкладна на месцы існаваньня старажытных каралеўстваў Ізраілю і Юдэі. Ягоная тэрыторыя (вядомая таксама як зямля абяцаная і Палестына) — месца зьяўленьня іўрыту, юдэйскай Бібліі, юдаізму і хрысьціянства. Тут знаходзяцца сьвятыя мясьціны юдаізму, хрысьціянства, ісламу, самарыцянства, друзаў і багаізму.
Зямля Ізраільская трапляла пад уплыў розных імпэрыяў і стала радзімай некалькіх этнасаў, аднак у пэрыяд прыкладна за 1000 гадоў да новай эры да III стагодзьдзя нашай эры была пераважна жыдоўскай[1]. Пасьля прыняцьця хрысьціянства Рымскай імпэрыяй у IV стагодзьдзі тут пражывала грэка-рымская хрысьціянская большасьць, пакуль у VII стагодзьдзі зямля ня была заваяваная арабскімі мусульманскімі імпэрыямі. Колькасьць мусульманаў паступова павялічвалася да крыжовых паходаў 1096—1291 рокаў, у якіх тэрыторыя стала цэнтрам сутыкненьня хрысьціянства з ісламам. З XIII стагодзьдзя гэтыя землі сталі пераважна мусульманскімі і арабамоўнымі, спачатку як частка Сырыйскай правінцыі Мамлюцкага султанату, пасьля ў складзе Асманскай імпэрыі да брытанскай заваёвы ў 1917 року.
Неўзабаве ў адказ на рост антысэмітызму стаў пашырацца заснаваны ў канцы XIX стагодзьдзя жыдоўскі нацыянальны рух — сіянізм — і жыдоўская іміграцыя ў зямлю Ізраільскую. Пасьля I сусьветнай вайны асманскія ўладаньні ў Леванце трапілі пад брытанскі і францускі кантроль, а Ліга народаў дала брытанцам мандат на кіраваньне Палестынай, якая мусіла стаць Домам жыдоўскага народу(en). Адначасна правы на колішнія асманскія тэрыторыі заявіў арабскі нацыяналізм, што спрычыніла напружанасьць у араба-жыдоўскіх грамадах. З абвяшчэньнем незалежнасьці Ізраілю ў 1948 року пачалося масавае перасяленьне жыдоў з Эўропы ды арабскіх дзяржаваў у Ізраіль, сыход арабаў з Ізраілю ды выбухнуў арабска-ізраільскі канфлікт[2]. Цяпер у Ізраілі пражывае каля 43% усіх жыдоў, што складае найбольшую жыдоўскую грамаду сьвету[3].
Пасьля 1970 року асноўным хаўрусьнікам Ізраілю становяцца Злучаныя Штаты Амэрыкі. У 1979 была падпісаная эгіпецка-ізраільская мірная дамова, заснаваная на Кэмп-Дэвідзкіх пагадненьнях. У 1993 Ізраіль падпісаў пагадненьні ў Осьлё з Арганізацыяй вызваленьня Палестыны, у 1994 — мірнае пагадненьне зь Ярданіяй. Нягледзячы на далейшыя спробы мірных дамоваў, араба-ізраільскі канфлікт істотна ўпрылвае на палітычнае, грамадзкае і эканамічнае жыцьцё дзяржавы.
Эканоміка Ізраілю стваралася пачаткова сацыялістычнай і заставалася пераважна пад кіраваньнем сацыял-дэмакратаў да 1970-х рокаў. Ад тае пары Ізраіль паступова рухаўся ў бок капіталізму і вольнага рынку, часткова захаваўшы сыстэму сацыяльнай абароны.