Вэнэцыянскі кінафэстываль
кінафэстываль у Вэнэцыі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Вэнэцыя́нскі міжнародны кінафэстыва́ль (па-італьянску: Mostra Internazionale d'Arte Cinematografica della Biennale di Venezia) — самы стары кінафэстываль у сьвеце і адзін з фэстываляў «Вялікай тройцы», у лік якой таксама ўваходзяць Канскі і Бэрлінскі кінафэстывалі[1][2][3]. «Вялікая тройка» вызнаецца як міжнародны фэстываль, дзе стваральнікі атрымліваюць мастацкую свабоду выказваньня праз кіно[4]. У 1951 годзе МФАКП афіцыйна акрэдытавала фэстываль[5].
Вэнэцыянскі кінафэстываль | |
італ. Mostra Internazionale d'Arte Cinematografica della Biennale di Venezia | |
Цырымонія 2018 году | |
Гады | з 6 жніўня 1932 году |
---|---|
Краіна | Італія |
Горад | Вэнэцыя |
Мова(-ы) | італьянская |
Тэматыка | кінэматограф |
Фэстываль быў зафундаваны ў Вэнэцыі ў жніўні 1932 году і зьяўляўся часткай Вэнэцыянскага біенале, адной з найстарэйшых у сьвеце выставаў мастацтва, закладзенай Гарадзкой радай гораду 19 красавіка 1893 году. На сёньня Вэнэцыянскае біенале ахоплівае італьянскае і міжнароднае мастацтва, архітэктуру, танцы, музыку, тэатар і кіно. Гэтыя творы прадстаўлены на асобных выставах, сярод якіх ёсьць і кінафэстываль, які, мабыць, зьяўляецца самай вядомай з усіх падзеяў. Традыцыйна фэстываль ладзіцца ў канцы жніўня ці пачатку верасьня на востраве Ліда ў Вэнэцыянскай лягуне. Паказы адбываюцца ў гістарычным Паляцца-дэль-Чынэма. Фэстываль працягвае заставацца адным з самых папулярных у сьвеце[6].