Варшаўская дамова
From Wikipedia, the free encyclopedia
Варша́ўская дамо́ва (Дамова пра сябро́ўства, супрацо́ўніцтва і ўзаемадапамо́гу) ад 14 траўня 1955 году — дакумэнт, які замацаваў стварэньне вайсковага саюзу эўрапейскіх сацыялістычных краінаў начале з Савецкім Саюзам — Арганізацыя Варшаўскай Дамовы (АВД) і замацаваў двупалярнасьць сьвету на 44 годы. Падпісаньне дамовы было ў адказ на ўваход ФРН у НАТО[1].
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Варшаўская дамова (неадназначнасьць).
Варшаўская дамова |
Дамову падпісалі Альбанія, Баўгарыя, Вугоршчына, НДР, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславаччына 14 траўня 1955 году на Варшаўскай нарадзе эўрапейскіх краінаў па забясьпячэньні міру і бясьпекі ў Эўропе. Дамова набыла моц 5 чэрвеня 1955 году. У 1962 годзе ўрад Альбаніі спыніў удзел у працы Арганізацыі Варшаўскай дамовы, а ў 1968 годзе абвясьціў пра скасаваньне дамовы[2].
26 красавіка 1985 году, з-за сканчэньня тэрміну дзеяньня, была працягнута на 20 год. У сувязі з палітычнымі зьменамі ў СССР і іншых краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў лютым 1991 году дзяржавы-ўдзельніцы АВД распусьцілі ейныя вайсковыя структуры, а 1 ліпеня 1991 падпісалі Пратакол пра поўнае спыненьне дзейнасьці Дамовы.