Валдас Адамкус
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ва́лдас Ада́мкус (па-летувіску: Valdas Adamkus; 3 лістапада 1926, Коўна) — летувіскі палітык, прэзыдэнт Летувы з 26 лютага 1998 да 25 лютага 2003 і з 12 ліпеня 2004 да 12 ліпеня 2009. Нарадзіўся 3 лістапада 2016 году ў Коўне. Падчас Другой сусьветнай вайны ўдзельнічаў у руху супраціву. Падчас Нацысцкай акупацыі выдаваў падпольную газэту. Пасьля вяртаньня Саветаў працягнуў барацьбу супраць іх. У ліпені 1944 году з бацькамі зьехаў у Нямеччыну, дзе наведваў лекцыі на факультэце прыродазнаўчых навук Мюнхэнскага ўнівэрсытэту Людвіга-Максыміліяна. У 1948 годзе заваяваў два залатыя і два срэбныя мэдалі на Алімпійскіх гульнях сярод падняволеных нацыяў. У 1949 годзе разам зь сям’ёй эміграваў у ЗША. Пасяліўся ў летувіскай абшчыне ў Чыкага і спачатку працаваў рабочым на аўтазаводзе. У 1951 годзе ажаніўся з Альмай Нутаўрайтэ (Alma Nutautaitė). У 1960 годзе скончыў Ілінойскі інстытут тэхналёгій па спэцыяльнасьці будаўніцтва. У 1950-я — 1960-я быў актыўным дзеячам эмігранцкай палітыкі. Ад 1958 да 1965 году быў намесьнікам старшыні летувіскай эмігранцкай арганізацыі Santara-Šviesa. У 1967 годзе абраны старшынём гэтай арганізацыі. Падчас свайго жыцьця ў ЗША быў актывістам акцый пратэсту супраць акупацыі Летувы, ініцыяваў збор подпісаў пад шэрагам пэтыцый. У 1970 годзе пачаў працаваць у Фэдэральнай Агенцыі ЗША па абароне навакольнага асяродзьдзя (анг. Environment Protection Agency), якая тады адчынілася. Спачатку ўзначальваў цэнтар дасьледаваньня навакольнага асяродзьдзя. У 1971 г. абраны намесьнікам старшыні па Сярэднім Захадзе ЗША, праз 10 гадоў стаў старшынём па гэтым рэгіёне. Сярод ягоных дасягненьняў падчас гэтай працы было паляпшэньне якасьці вады ў Вялікіх азёрах. Таксама дапамагаў у вырашэньні праблем навакольнага асяродзьдзя ва Ўсходняй Эўропе, рабіў кансультатыўныя і іншыя паслугі. На момант свайго звальненьня з Агенцыі па абароне навакольнага асяродзьдзя ў 1997 годзе працаваў там даўжэй за ўсіх кіраўнікоў.
Валдас Адамкус | |
прэзыдэнт Летувы | |
---|---|
12 ліпеня 2004 — 12 ліпеня 2009 | |
Прэм’ер-міністар: |
Зыгмантас Бальчыціс (2006) Гедымінас Кіркілас (2006-2008) Андрус Кубілюс (2008—2009) |
Папярэднік: | Артурас Паўлаўскас (в.а.) |
Наступнік: | Даля Грыбаўскайце |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
3 лістапада 1926(1926-11-03)[1][2][3] (97 гадоў) |
Партыя: | |
Сужэнец: | Альма Адамкене[d][4] |
Бацька: | Ігнас Адамкявічус[d][4] |
Адукацыя: | |
Узнагароды: | |
У 1997 годзе аб’явіў пра свой намер вярнуцца ў Летуву, атрымаць летувіскае грамадзянства і балятавацца ў прэзыдэнты. Ня ўсе летувісы прынялі гэтую заяву прыязна. Іншыя ўспрынялі яго як сына летувіскай зямлі, які вяртаўся дадому. Ён атрымаў паразу ў першым туры выбараў прэзыдэнта Летувы, які адбыўся напрыканцы 1997 году. Але ў другім туры, які адбыўся 4 студзеня 1998 году, ён перамог зь перавагай менш за 1 адсотак. Заступіў на пасаду 26 лютага 1998 году. Ён выступаў за далучэньне Летувы да НАТО і Эўразьвязу, але адначасова працаваў над зьмягчэньнем напружанасьці з Расеяй і ўсталяваньня сяброўскіх стасункаў з астатнімі суседзямі Летувы. Ён сутыкнуўся з далейшымі складанасьцямі пост-савецкай эканомікі, але здолеў павялічыць эканамічны рост і паменшыць беспрацоўе. У 2003 годзе Адамкус ня быў пераабраны, атрымаўшы паразу ад Раландаса Паксаса. Стаў амбасадарам добрай волі ЮНЭСКА. На пазачарговых выбарах у 2004 годзе пасьля імпічмэнту Паксаса быў пераабраны прэзыдэнтам Летувы.