Белы кій
From Wikipedia, the free encyclopedia
Белы кій — дапаможны сродак мабільнасьці, якім карыстаюцца людзі, што маюць значныя парушэньні зроку, у тым ліку цалкам невідушчыя. Найбольш вядомы зь міжнародных сымбаляў сьлепаты. Асноўнае прызначэньне белага кію — ня толькі дапамагаць невідушчаму падчас перасоўваньня ў адкрытай прасторы, ён таксама папераджае іншых пра ваду зроку чалавека, які ім карыстаецца.
У наш час існуе некалькі відаў белага кію, кожны зь якіх мае адрозьненьні ад іншых у кшталце й прызначэньні.
Карыстаньне белым кіем не заўсёды сымбалізуе поўную адсутнасьць зроку: ім карыстаецца пераважная большасьць невідушчых, незалежна ад пачуцьця сьвятла, колеру ці рэшты сылюэтнага альбо формава-прадметнага зроку, а таксама слабавідушчыя, што маюць абмежаванае поле зроку. У некаторых краінах белым кіем маюць права карыстацца толькі невідушчыя (ў тым ліку зь нязначнаю рэштаю зроку), а слабавідушчыя выкарыстоўваюць кій з падобнымі ўласьцівасьцямі, але іншага колеру.