Аўстрыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэспу́бліка А́ўстрыя, А́ўстрыя (па-нямецку: Republik Österreich, Österreich De-Österreich.ogg (зьвесткі)) — краіна ў Цэнтральнай Эўропе. Мяжуе зь Нямеччынай і Чэхіяй на поўначы, Славаччынай і Вугоршчынай на ўсходзе, Славеніяй і Італіяй на поўдні, Швайцарыяй і Ліхтэнштайнам на захадзе. У Аўстрыі жывуць амаль 9 мільёнаў чалавек. Тэрыторыя краіны складае 83,879 км². Ляндшафт вельмі гарысты, бо на большай частцы краіны знаходзяцца Альпы, то бок толькі 32% краіны знаходзіцца на вышыні меншай за 500 мэтраў ад узроўня мора, а самы высокі пункт складе 3,798 мэтраў[16]. Большасьць насельніцтва размаўляе на мясцовых баварскіх дыялектах нямецкай мовы ў якасьці роднай мовы[17], а стандартная нямецкая мова зьяўляецца афіцыйнай мовай краіны. Да іншых рэгіянальных адносяцца вугорская, градзішчанска-харвацкая і славенская мовы[16].
Аўстрыя зьяўляецца фэдэратыўнай рэспублікай з парлямэнцкай прадстаўнічай дэмакратыяй, у якую ўваходзяць дзевяць фэдэратыўных земляў[16]. Сталіцай і найбуйнейшым горадам краіны зьяўляецца Вена, насельніцтва якой складае больш за 1,8 мільёнаў жыхароў[16][18]. Да іншых буйных гарадоў адносяцца Грац, Лінц, Зальцбург і Інсбрук. Аўстрыя стала вызначаецца як адна з самых заможных краінаў у сьвеце паводле СУП на душу насельніцтва. У краіне назіраецца даволі высокі ўзровень жыцьця. Паводле вынікаў 2018 году Аўстрыя заняла 20-ы радок у сьпісе індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу ў сьвеце. Рэспубліка абвесьціла сталы нэўтралітэт у зьнешнепалітычных справах у 1955 годзе. З таго ж году Аўстрыя стала чальцом Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У 1995 годзе краіна ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз[16]. Аўстрыя зьяўляецца адным з заснавальнікаў АЭСР[19]. У 1995 годзе Аўстрыя далучылася да Шэнгенскага пагадненьня[20], а ў 1999 годзе адмовілася ад ўласнай нацыянальнай валюты і перайшла на выкарыстаньне эўра ў якасьці сродку аплаты[21].