Альгарытм
набор інструкцыяў з апісаньнем пасьлядоўнасьці дзеяньняў для вырашэньня задачы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Альгары́тм — шэраг строгіх камандаў-інструкцыяў для некаторага выканаўцы, паводле якіх вырашаецца некаторая задача за канечны час. З дапамогаю альгарытмаў разьвязваюцца лягічныя ці матэматычныя задачы. Для візуальнага малюнка альгарытмаў часьцяком выкарыстоўваюць блёк-схемы.
У старой трактоўцы замест слова «шэраг» выкарыстоўвалася слова «пасьлядоўнасьць», але па меры разьвіцьця паралельнасьці ў працы кампутараў слова «пасьлядоўнасьць» пачалі замяняць больш агульным словам «шэраг». Гэта зьвязана з тым, што праца нейкіх інструкцыяў альгарытму можа залежыць ад іншых інструкцыяў або вынікаў іхнай працы. Такім чынам, некаторыя інструкцыі павінны выконвацца строга пасьля завяршэньня працы інструкцыяў, ад якіх яны залежаць. Незалежныя інструкцыі ці інструкцыі, якія сталі незалежнымі з-за завяршэньня працы інструкцыяў, ад якіх яны залежаць, могуць выконвацца ў адвольным парадку, паралельна або адначасова, калі гэта дазваляюць працэсар і апэрацыйная сыстэма. Часьцяком у якасьці выканаўца выступае нейкі мэханізм, як то кампутар, такарны станок, швачная машына, але панятак альгарытму неабавязкова адносіцца да кампутарных праграмаў, гэтак, напрыклад, выразна апісаны рэцэпт прыгатаваньня стравы таксама зьяўляецца альгарытмам, у такім выпадку выканаўцам зьяўляецца чалавек.
Кожны альгарытм зьяўляецца сьпісам пэўных інструкцыяў для вырашэньня задачы. Пачынаючы з пачатковага стану, інструкцыі альгарытму апісваюць працэс вылічэньня, які праходзіць праз пасьлядоўнасьць станаў, якія ў выніку сканчаюцца канчатковым станам. Пераход з аднаго стану да наступнага не абавязкова дэтэрмінаваны, то бок некаторыя альгарытмы ўтрымліваюць элемэнты выпадковасьці.
Панятак альгарытму належыць да першабытных, асноўных, базісных паняткаў матэматыкі, як то мноства або натуральны лік. Вылічальныя працэсы альгарытмічнага характару, як то арытмэтычныя дзеяньні над цэлымі лікамі, знаходжаньне найбольшага агульнага дзельніка двух лікаў і іншыя, вядомыя чалавецтву з глыбокай старажытнасьці. Аднак, у відавочным выглядзе панятак альгарытму сфармаваўся толькі ў пачатку XX стагодзьдзя.