Азэрбайджанскі дыван
From Wikipedia, the free encyclopedia
Азэрбайджанскі дыван — тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэньня розных тыпаў бязворсавых і ворсавых дываноў, якія вырабляюцца азэрбайджанцамі.[1][2] Сярод азэрбайджанскіх дываноў вылучаюць бакінскія, гянджынскія, казаскія, шырванскія, шэмахінскія, карабаскія, кубінскія, ардэбільскія і тэбрыскія. Большасьць заходніх аўтараў, у тым ліку энцыкляпэдыі «Іраніка» і «Брытаніка», як правіла, адносяць дываны, вытканыя ў Іранскім Азэрбайджане да пэрсыдзкіх (іранскіх), а дываны вытканыя ў Азэрбайджане і раёнах кампактнага пражываньня азэрбайджанцаў у Армэніі, Грузіі і Дагестане адносяць да каўкаскіх.[3][4][5] Згодна з клясыфікацыяй, прынятай у асноўным у Азэрбайджане і раней у СССР, — адзін зь відаў усходняга дывану.[6][7].
Энцыкляпэдыя «Іраніка» адзначае, што ў XIX стагодзьдзі на Каўказе майстэрства дываноў было распаўсюджана ў асноўным ва ўсходнім Закаўказьзі, радзіме цюрскага насельніцтва, вядомага цяпер як азэрбайджанцы. Ткацтва дываноў іншых народаў мела невялікую значнасьць.[8] Як пісаў Джон Ф.Пайл, каўкаскія майстры дываноў у цэлым вынікалі пэрсыдзкай практыцы, аднак «у асноўным выкарыстоўвалі больш выразныя і буйныя элемэнты арнамэнту».[9] П. Р. Дж. Форд у сваім дасьледаваньні гісторыі і традыцыйных арнамэнтаў усходніх дываноў адзначаў, што, «хоць дываны зараз вырабляюць у Дагестане, Грузіі і Армэніі, але сапраўднай радзімай расейскіх каўкаскіх дываноў застаецца Азэрбайджан, і навыкі і ідэі азэрбайджанскіх ткачоў адчуваюцца па ўсім Каўказе».[10] Расейскі дасьледчык М. Ісаеў адзначаў, што ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў дыванаткацтва ў асноўным было засяроджана ў Азэрбайджане. На думку савецкага мастацтвазнаўцы М. Бабенчыкава, «азэрбайджанскія майстры заўсёды асабліва шанаваліся ў іншых краінах». Амэрыканскі гісторык Роналд Сюні адзначае, што дыванаткацтва адно са старажытных рамёстваў у Азэрбайджане, якое дасягнула росквіту ў Сярэднявеччы, дзякуючы гэтаму азэрбайджанскія дываны сталі шырока вядомыя ў краінах Азіі і Эўропы.[11] На думку савецкага вучонага-этнографа С. Токарава, азэрбайджанскія дываны шмат у чым нагадваюць армянскія, а ад пэрсыдзкіх адрозьніваюцца моцнай стылізацыяй малюнкаў і адсутнасьцю круглявых лініяў арнамэнту.
Дыванаткацтва — адзін з традыцыйных, старадаўніх відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Азэрбайджану.[6][11][12][13]
Старадаўнія азэрбайджанскія дываны захоўваюцца ў Белым Доме, Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША і ў многіх музэях сьвету, у тым ліку Азэрбайджанскі дзяржаўны музей дывану і народна-прыкладнога мастацтва ў Баку, Музэй Мэтрапалітэн у Нью-Ёрку, Музэй вытанчаных мастацтваў у Бостане, Музэй мастацтваў у Філадэлфіі, Люўр у Парыжы, Музэй Вікторыі і Албэрта ў Лёндане, Эрмітаж, Ватыкан і г. д.[14]
У 2006 годзе пры падтрымцы Маскоўскага бюро ЮНЭСКО выйшаў дыск пад назвай «Азэрбайджанскія дываны» з 215 малюнкамі, 15 відэакліпамі і некалькімі артыкуламі па мастацтве азэрбайджанскіх дываноў. Дыск уключае разьдзелы па гісторыі, тэхніцы, школах азэрбайджанскага дыванаткацтва, узорах дываноў, калекцыях у музэях сьвету. У лістападзе 2010 году «Традыцыйнае мастацтва дываноў у Азэрбайджане» ўнесена ў рэпрэзэнтатыўны сьпіс ЮНЭСКО па нематэрыяльнай культурнай спадчыне чалавецтва.[15]
- Казаская школа дывана. XIX стагодзьдзе.
- Шырванская школа дывану. XVI стагодзьдзе.
- Карабаская школа дывану. Дываны Гасымушагы. XIX стагодзьдзе.
- Шуша дыван намазьлік (малітоўны кілім). XIX стагодзьдзе.